Нашы продкі гатавалі клёцкі з душамі, елі кісель з цыбуляй, насілі абеды ў падвойных гаршках і ведалі рэцэпты, якія сёння маглі б здзівіць нават моднага шэф-кухара.
Мы сабралі сем кулінарных загадак, у якіх лёгка трапіць у пастку. Правер, ці ведаеш ты, што насамрэч елі беларусы. І не спяшайся з адказамі: часам самае неверагоднае тут — чыстая праўда.
Ну што, пагналі!
Не дранікам адзіным. Ці добра ты ведаеш беларускую кухню? Тэст для гурманаў
Табе у гасцях прапануюць пакаштаваць клёцкі з душамі. Што схавана ўнутры?
«Душой» у клёцках называюць начынку. Калісьці ўнутр клалі кавалачкі сала, пазней — мяса, грыбы і нават рыбу. Асабліва вядомая гэтая страва на Віцебшчыне. Цікава, што клёцкі з душамі мелі і абрадавае значэнне: у некаторых мясцінах іх гатавалі на памінкі.
Навошта беларусам быў патрэбны спарыш?
Спарыш — беларускі ланчбокс задоўга да вынаходніцтва пластыку! Гэта два злучаныя гліняныя гаршчкі з ручкай. У іх насілі ежу жняцам і касцам, якія працавалі ў полі. У адзін гаршчок маглі наліць суп, у другі — пакласці кашу. Практычна комплексны абед з дастаўкай!
Ты трапіў у беларускую вёску XVI стагоддзя. Якую страву гаспадары табе дакладна не прыгатуюць?
Дранікаў няма. Але ёсць добрая навіна: з голаду не памрэш! У XVI стагоддзі бульба яшчэ не была звычайнай ежай беларусаў. Шырокае распаўсюджанне яна атрымала значна пазней, асабліва ў XIX стагоддзі. Да гэтага нашы продкі елі кашы, хлеб, гарох, рэпу і шмат іншых страў. Беларуская кухня паспела пражыць доўгае жыццё да з'яўлення дранікаў.
Што беларусы маглі дадаваць у аўсяны кісель замест ягад і цукру?
Кісель з цыбуляй? Так, і гэта не памылка кухара! Старадаўні аўсяны кісель зусім не абавязкова быў салодкім. Яго гатавалі з заквашанай аўсянай асновы, астуджалі, а потым маглі падаваць са смажанай цыбуляй і скваркамі. Такі кісель быў самастойнай стравай. Да яго таксама маглі падаваць вараную бульбу ці салёныя агуркі.
Чым беларусы начынялі свіную кішку, каб прыгатаваць традыцыйную страву?
Бульба прабралася нават у каўбасу! Бульбяная кішка — традыцыйная страва, якую гатавалі ў натуральнай абалонцы. Яе начынялі дранай бульбай, часта дадавалі цыбулю, сала і прыправы, а пасля запякалі. Дарэчы, кішка бывала не толькі бульбяной. Існаваў таксама і крывяны варыянт.
Якую з гэтых страў беларусы гатавалі з лясных ягад і мукі?
Кулага — старадаўняя салодкая страва з ягад і мукі. Для яе выкарыстоўвалі чарніцы, маліну, брусніцы, каліну і іншыя ягады. У некаторых рэцэптах дадавалі мёд. Кулагу елі гарачай або халоднай, а часам падавалі з блінамі. А што ж астатнія стравы? Зацірка — поліўка з дробных камячкоў мучнога цеста, якія варылі ў вадзе або малацэ. Камы — шарыкі з тоўчанага гароху, бабоў ці бульбы. Крупеня — густы суп з крупамі, гароднінай, часам з грыбамі або мясам.
Якую з гэтых «старадаўніх беларускіх страў» мы прыдумалі спецыяльна для тэсту?
Віншуем! Кулінарнага самазванца выкрылі! «Цыбульныя шэптуны» — наша выдумка. А вось астатнія назвы сапраўдныя. Камы — страва ў выглядзе камячкоў, якія маглі рабіць з гароху, бабоў ці бульбы. Саладуха — старадаўняя саладкаватая страва з мучной асновы, якую спецыяльна асалоджвалі і заквашвалі. Зацірка — простая страва з дробных камячкоў цеста, якія варылі ў вадзе ці малацэ. Так што беларуская кухня сапраўды багатая на незвычайныя назвы. І ніводная нейрасетка не патрэбная, каб іх прыдумаць!



Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: